Аб праекце

У часы росквіту Вялікага княства Літоўскага наша нацыя справядліва лічылася самай арыстакратычнай ва ўсёй Еўропе. І не дзіва, бо гэткага працэнта арыстакратыі, а па-нашаму шляхты, не было больш ні ў адной краіне. Розныя даследчыкі па-рознаму ацэньваюць колькасць высокароднага саслоўя на гістарычнай тэрыторыі сучаснай Беларусі – самыя асцярожныя даюць 8-12, самыя ж рашучыя – да 20 працэнтаў ад усяго насельніцтва. Аднак пры сярэдняй велічыні гэтага паказчыка ад 1 да 2 працэнтаў у іншых народаў, і пры самым сціплым варыянце па ступені арыстакратычнасці беларусы ўсё роўна шматкроць пераўзыходзяць практычна ўсіх сваіх блізкіх і далёкіх суседзяў.

Магчыма хтосьці, выхаваны на страшных гісторыях пра паноў-кравапійцаў, шчыра пашкадуе “няшчасных простых людзей”, якія “стагналі пад гнётам лайдакоў-памешчыкаў”. І памыліцца. Бо беларуская шляхецкая культура, створаная за доўгі перыяд часу з XIV па XVIII стагоддзі, славілася зусім іншымі праявамі – гатоўнасцю скласці галаву ў баі за волю роднай зямлі, сціпласць побыту ў канонах так званай ідэі “сарматызму”, унікальная дэмакратычнасць грамадскага ладу, выключна высокі ўзровень адукацыі і шмат якімі іншымі выдатнымі якасцямі. І не віна тых з нас, хто нават не здагадваўся аб гэтым – нам проста аб гэтым не расказвалі…

Творчае аб’яднанне Шляхецкі тэатр “Захаранка Арт-груп” разам з партнёрамі – Нацыянальным гістарычным музеем Рэспублікі Беларусь і турыстычнай кампаніяй “Бьюці Тур” – вырашылі запусціць культурна-адукацыйны праект “Шляхецкая Спадчына Беларусі”, закліканы запоўніць гэты прабел у адукацыі беларускай нацыі.

Пазнаёміцца з поўнай канцэпцыяй праекта можна на гэтай старонцы.

Галоўная мэта праекта – даць магчымасць жыхарам і гасцям нашай краіны ўласнымі вачыма ўбачыць і на практыцы дакрануцца да самых розных бакоў і праяў старадаўняй шляхецкай культуры, створанай на працягу больш, чым паловы тысячагоддзя нашымі шляхетнымі продкамі. Варта ўзгадаць і яшчэ адну, на самой справе – самую галоўную, хаця знешне крыху абстрактную мэту – спрыяць фармаванню і ўзмацненню нацыянальнага гонару, самапавагі сённяшніх беларусаў. Асэнсаванне прыналежнасці да такіх высокіх культурных набыткаў, якія за стагоддзі свайго існавання і развіцця нарадзіла беларуская шляхецкая традыцыя, мусіць падштурхнуць людзей да больш высокіх маральных стандартаў, любові і павагі да ўласнай гісторыі, большай адказнасці за ўласнае жыццё ў сённяшнім свеце.

Больш падрабязна пазнаёміцца з мэтамі і задачамі праекта можна на гэтай старонцы.

Паколькі агульная задача праекта – папулярызацыя беларускай шляхецкай культуры, праект прадугледжвае самыя розныя варыянты таго, якім чынам яна сама зробіць крок насустрач простаму беларусу. Разнастайныя публікацыі ў прэсе і інтэрнэце, выступленні падчас масавых мерапрыемстваў у гарадах і вёсках па ўсёй Беларусі, гістарычныя паказы для дзяцей і дарослых, выступленні на тэлебачанні і радыё і г.д.

Больш падрабязна пра акцыі ў межах праекта можна пачытаць на гэтай старонцы.

Тым жа, хто зацікавіцца тэмай больш сур’ёзна, прапануем звярнуцца да нашай кніжнай палічкі і бібліяграфічнага спісу.