Уладзімір Падалінскі. Палітычная эліта Лідскага павета ў апошняй трэці XVI ст.

Рэформы сярэдзіны 1560-х г. істотна змянілі дзяржаўны лад Вялікага Княства Літоўскага (ВКЛ). Утварэнне паветаў, увядзенне земскіх, гродскіх і падкаморскіх судоў, з’яўленне інстытута павятовых соймікаў, нарэшце, прыняцце Статута ў 1566 г. значна ўзмацняла палітычна-прававое становішча шляхецкага стану ў краіне[1]. Безумоўна, такія маштабныя новаўвядзенні спрыялі актыўнаму ўцягванню ў грамадска-палітычнае жыццё краіны даволі шырокіх колаў сярэдняга і дробнага шляхецтва, эвалюцыі і росту ўплываў рэгіянальных палітычных элітаў. Рэгіянальныя эліты выконвалі важную функцыю трансляцыі патрэбаў і інтарэсаў павятовай шляхты да вышэйшых кіроўных колаў ВКЛ і Рэчы Паспалітай.

Пад павятовай палітычнай элітай мы разумеем групу людзей, якія валодалі рэальнай уладай і аўтарытэтам у павеце, актыўна ўдзельнічалі ў грамадска-палітычным жыцці і ўплывалі на прыняцце рашэнняў, як у межах павета, так і на дзяржаўным узроўні. Адпаведна, да палітычнай эліты павета, на нашу думку, можна аднесці павятовых ураднікаў (старостаў, падстаростаў, павятовых маршалкаў, падкаморыяў, харужых, войскіх, стольнікаў, падстоліяў), членаў земскага і гродскага суда, актыўных удзельнікаў соймікаў, паслоў на вальныя соймы і дэпутатаў Трыбунала ВКЛ, мясцовых зборшчыкаў падаткаў (паборцаў). Мэта артыкула — аналіз на прыкладзе Лідскага павета асабовага складу павятовай эліты, сацыяльнага і маёмаснага статусу, сваяцкіх і кліентальных сувязяў яе прадстаўнікоў, шляхоў уваходжання (каналаў рэкрутацыі) у межы эліты. Звернем увагу на палітычную культуру і ўзровень палітычнай свядомасці вышэйшых колаў лідскай шляхецкай карпарацыі.

Для даследавання палітычнай эліты Лідскага павета існуе шырокая база крыніц. Аналізу яе (эліты) асабовага складу дапамагаюць выдадзеныя спісы мясцовых земскіх і гродскіх ураднікаў і дэпутатаў Трыбунала ВКЛ, а таксама генеалагічныя працы А. Банецкага, К. Нясецкага і інш.[2]. Сацыяльны і маёмасны статус лідскай шляхты прасочваецца па матэрыялах попісаў войска Вялікага Княства 1565 і 1567 г.[3]. Для вывучэння палітычнай свядомасці і культуры шляхты апошняй трэці XVI ст. важнае значэнне маюць матэрыялы працы лідскага павятовага сойміка[4]. Безумоўна, неабходны і падрабязны аналіз розных відаў крыніц у матэрыялах Метрыкі ВКЛ, ухвалаў з’ездаў, вальных соймаў Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай і г.д.

У другой палове XVI ст. у Лідскім павеце знаходзіліся ўладанні такіх значных магнацкіх і шляхецкіх родаў ВКЛ, як Гарнастаі, Давойны, Пацы, Радзівілы[5]. Паводле попісу 1567 г. на тэрыторыі павета свае маёнткі мелі валынскі ваявода князь Аляксандр Чартарыйскі, берасцейскі кашталян Ян Гайка, князі Аляксандр Палубенскі і Андрэй Вішнявецкі, прадстаўнікі родаў Солтанаў, Нарбутаў, Скумінаў-Тышкевічаў і інш.[6]. Аднак непасрэдна ў палітычным жыцці Лідскага павета яны фактычна не ўдзельнічалі. За выключэннем, бадай, віленскага ваяводы і канцлера Мікалая Радзівіла Рудога, які быў лідскім старостам больш за трыццаць гадоў: з 1547 да 1579 г.[7]. Хаця і ён уплываў на справы павета хутчэй ускосна, праз сваіх намеснікаў (падстаростаў), ураднікаў і кліентаў з ліку мясцовай шляхты[8]. Наступнікам М. Радзівіла на пасадзе старосты, якая, дарэчы, давала адміністрацыйную і значную судовую ўладу, а значыць і вялікі ўплыў у павеце, у 1579 г. стаў віленскі войскі Ян Абрамовіч[9]. Ён ужо больш актыўна браў удзел у розных палітычных падзеях на тэрыторыі Лідскага павета.

Павятовыя ўрады займалі пераважна прадстаўнікі мясцовай дробнай шляхты[10]. Згодна са звесткамі попісу 1567 г. у войска ВКЛ па адным конніку выстаўлялі лідскі харужы Рыгор Горла і будучы мясцовы гродскі суддзя Ян Даўлюд, па два коннікі ставілі віленскі гродскі суддзя Марцін Юхновіч-Сонгін (у канцы 1570-х г. будзе займаць урад лідскага падстаросты) і лідскі гродскі суддзя Мацей Сцяпанавіч, а таксама будучыя мясцовыя гродскія суддзі Ян Контрым ды Іван Быхавец і гродскі пісар Багдан Перапеча[11]. Лідскі земскі падсудак Мікалай Навіцкі выстаўляў у 1567 г. са сваіх маёнткаў у войска не толькі 2 вершнікаў, але і аднаго драба[12]. Па сваім эканамічным становішчы крыху вылучаліся пісары Лідскага павета земскі Ян Сіруць і гродскі Адам Гімбут, як і Юрага Лябедскі, бацька будучага лідскага войскага Юрыя Юрагі. Кожны з трох у 1567 г. ставіў у войска 4 коннікаў і 2 драбаў[13]. Да беднай і нязнатнай шляхты, на нашу думку, можна аднесці і такіх лідскіх ураднікаў, як гродскі пісар (1577) і харужы (1580-1604) Павел Круневіч, стольнік (1590-1597) і земскі падсудак (1597-1630) Станіслаў Тукала, стольнік (1597-1598) Станіслаў Вайшвіла, гродскі суддзя (1574) Ян Няшыцкі, гродскі суддзя (магчыма, з 1592) Аляксандр Пакаршынскі, гродскі пісар (магчыма, з 1585) Рафаэль Рожчыц[14].

Сярод палітычнай эліты Лідскага павета ў апошняй трэці XVI ст. сустракаюцца таксама і прадстаўнікі знатных, „панскіх” родаў ВКЛ: Валчковічаў, Доўгірдаў, Завішаў, Скіндэраў, Траццякоў, Юндзілаў. Так, у 1568 і 1574 г. як лідскі падстароста згадваецца Станіслаў Юндзіл, павятовым маршалкам з 1566 да 1582 г. быў Ян Валчковіч (Волчак), падкаморыем у 1595-1596 г. — Ян Завіша[15]. Земскімі суддзямі ў 1566-1581 і 1586-1607 г., адпаведна, былі Себасцян Траццяк і Мікалай Скіндэр, з 1588 да 1615 г. урад лідскага земскага пісара трымаў Войцех Скіндэр, гродскім (1571, 1576) і земскім (1576-1588) пісарам быў Андрэй Доўгірд[16]. Прадстаўнік княжацкага роду Лукомскіх, Яраслаў Лукомскі, у канцы XVI – пачатку XVII ст. займаў пасады лідскага падстаросты (1590-1592), земскага падсудка (1592-1597) і лідскага падкаморыя (1597-1602)[17]. Розныя ўрады ў Лідскім павеце трымалі і выхадцы з такіх вядомых у гісторыі ВКЛ родаў, як Аляхновічы і Трызны. Так, лідскім падкаморыем у 1566-1593 г. быў Мікалай Аляхновіч, а Ян Трызна ў 1586 г. быў прызначаны лідскім земскім суддзём, але ўрад па нейкіх прычынах не прыняў[18]. Уплывовыя пазіцыі меў у павеце род Нелюбовічаў: Ян Нелюбовіч у 1589?-1612 г. быў павятовым маршалкам, Вацлаў Нелюбовіч з 1599 г. — мясцовым стольнікам[19]. Тым не менш, нават прадстаўнікі знатных родаў па сваім маёмасным статусе збольшага ўсё роўна належалі да дробнай шляхты. Той жа попіс войска 1567 г. фіксуе, што М. Аляхновіч і С. Траццяк ставілі ў войска 3 коннікаў і аднаго драба кожны, а М. Скіндэр — толькі аднаго конніка[20]. A вось С. Юндзіл са сваіх маёнткаў у Лідскім, Ковенскім паветах і Мсціслаўскім ваяводстве выстаўляў у войска ВКЛ адразу 8 коннікаў і 3 драбаў, таксама 8 коннікаў у 1565 г. у войска выстаўляў і Я. Валчковіч[21]. Іх, на нашу думку, варта лічыць прадстаўнікамі сярэдняга шляхецтва Вялікага Княства. Магчыма, да сярэдняй шляхты можна аднесці і Я. Трызну, сына смаленскага кашталяна Рыгора Трызны, які ў 1567 г. ставіў у войска 22 коннікі і 11 драбаў[22]. У канцы XVI ст. значныя зямельныя ўладанні сканцэнтраваў у сваіх руках Я. Абрамовіч і вывеў свой род у шэрагі заможнай шляхты[23]. Аднак ніхто з іх нават блізка не мог параўнацца па сваім сацыяльна-эканамічным становішчы з М. Радзівілам Рудым. Віленскі ваявода і лідскі староста ў 1567 г. выставіў у войска ВКЛ 400 коннікаў і 200 драбаў[24].

Некаторыя лідскія шляхцічы рабілі даволі паспяховую кар’еру на павятовым узроўні. За апошнюю трэць XVI ст. па два ўрады займалі П. Круневіч (гродскі пісар, харужы), А. Доўгірд (гродскі і земскі пісар), М. Юхновіч-Сонгін (падстароста, земскі падсудак), С. Тукала (стольнік, земскі падсудак), Еранім Абрамовіч (войскі, падстароста), а князь Я. Лукомскі паслядоўна трымаў тры ўрады (падстароста, земскі падсудак і падкаморы)[25]. У сваю чаргу, Я. Сіруць прайшоў у сваёй кар’еры праз усе пасады земскага суда Лідскага павета: ад пісара (1566-1576) і падсудка (1576-1581) да суддзі (1581-1586)[26]. Варта адзначыць, што ў апошняй трэці XVI ст. два прадстаўнікі лідскай шляхты ўвайшлі ў склад сената Рэчы Паспалітай. Лідскі староста і віленскі войскі Я. Абрамовіч у 1593 г. атрымаў намінацыю на ўрад менскага, а ў 1596 г. — смаленскага ваяводы, у тым самым 1596 г. кароль польскі і вялікі князь літоўскі Жыгімонт Ваза прызначыў лідскага падкаморыя Я. Завішу мсціслаўскім, a ў 1599 г. — віцебскім ваяводам[27].

Каналы рэкрутацыі ў склад павятовай палітычнай эліты і магчымасць далейшага кар’ернага росту вызначаліся некалькімі фактарамі. Па-першае, вялікую ролю адыгрывалі пратэкцыянісцкія адносіны. Ужо попіс войска Вялікага Княства 1567 г. адлюстраваў шырокае распаўсюджанне ў Лідскім павеце стасункаў „патрон – кліент”. Найбольшы ўплыў у павеце меў віленскі ваявода і лідскі староста М. Радзівіл Руды. У попісе згадваюцца 12 кліентаў віленскага ваяводы з ліку мясцовай шляхты[28]. Значна менш, 5 кліентаў, меў гаспадарскі маршалак Ян Шымковіч, а віленскі кашталян, вялікі гетман ВКЛ Рыгор Хадкевіч і староста жамойцкі, земскі маршалак Ян Хадкевіч — па 4[29]. Таксама кліентаў сярод лідскай шляхты мелі біскупы віленскі Валерыян Пратасевіч і кіеўскі Мікалай Пац, кашталяны віцебскі Павел Пац і берасцейскі Я. Гайка, падканцлер і дворны маршалак ВКЛ Астафей Валовіч, падчашы Мікалай Кішка, лоўчы Рыгор Валовіч, князі Раман Сангушка і А. Вішнявецкі ды інш.[30].

Патроны актыўна дапамагалі сваім кліентам займаць разнастайныя павятовыя ўрады. М. Радзівіл Руды, як мясцовы староста, сам прызначаў падстаростаў і фармаваў склад гродскага суда[31], як правіла, з ліку сваіх кліентаў. Прынамсі, можна сцвярджаць, што падстаросты С. Юндзіл і М. Юхновіч-Сонгін, гродскі суддзя М. Сцяпанавіч, гродскія пісары А. Гімбут і П. Круневіч былі кліентамі менавіта віленскага ваяводы[32]. Кліентальна з М. Радзівілам быў звязаны і яго наступнік на пасадзе лідскага старосты Я. Абрамовіч[33]. У 1580 г. па пратэкцыі М. Радзівіла і А. Валовіча лідскім харужым стаў П. Круневіч[34]. А вось адзін з вышэйшых урадаў у павятовай ерархіі — урад падкаморыя — займаў М. Аляхновіч, кліент іншага буйнога магната ВКЛ — Я. Хадкевіча[35]. Заўважым, што яшчэ два кліенты жамойцкага старосты атрымалі ўрады ў Лідскім павеце толькі пасля смерці ў 1579 г. свайго патрона: Б. Перапеча стаў гродскім пісарам у 1581 г., а М. Скіндэр — земскім суддзём толькі ў 1586 г.[36] Пазней, у 1590-я г., свой уплыў на лідскую шляхту распаўсюдзіў канцлер ВКЛ Леў Сапега. Пры падтрымцы пячатараў Вялікага Княства (канцлер Л. Сапега і падканцлер Габрыэль Война) у 1592 г. урад земскага падсудка атрымаў князь Я. Лукомскі, а ў 1597 г. яго, дзякуючы пратэкцыі менавіта Л. Сапегі, Жыгімонт Ваза прызначыў на пасаду лідскага падкаморыя[37]. З чарэйскай лініяй Сапегаў быў звязаны і Я. Трызна, адзін з апекуноў жонкі (сваёй сястры Аляксандры) і дзяцей памерлага ў 1576 г. Дзмітрыя Сапегі[38]. Блізкія сувязі з Я. Абрамовічам у 1590-я г. меў лідскі гродскі пісар Р. Рожчыц[39].

Вялікае значэнне для таго, каб увайсці ў склад рэгіянальнай палітычнай эліты, мелі сваяцкія сувязі, знатнае паходжанне, аўтарытэт сярод шляхты. Найважнейшыя павятовыя ўрады, як ужо адзначалася, займалі прадстаўнікі знатных родаў ВКЛ: Аляхновічаў, Валчковічаў, Доўгірдаў, Завішаў, Лукомскіх, Радзівілаў, Скіндэраў, Траццякоў, Трызнаў, Юндзілаў. Сваяцкія сувязі таксама дапамагалі рабіць кар’еру. Так, Лаўрын Сонгін, сын земскага падсудка М. Юхновіча-Сонгіна, у 1589 г. быў лідскім падстаростам, а М. Скіндэр, сын трокскага земскага суддзі Мікалая Скіндэра, — земскім суддзём Лідскага павета ў 1586-1607 г.[40]. Брат Я. Абрамовіча Пётр у 1589-1602 г. трымаў урад лідскага падстолія, а іх, верагодна, стрыечны брат Еранім — лідскага войскага (1585-1614) і падстаросты (1592-1605)[41]. Праз шлюбы лідская шляхта раднілася з іншымі шляхецкімі родамі ВКЛ: А. Гімбут быў звязаны з родам Доўгірдаў, Я. Завіша—з родам Трызнаў, а Я. Лукомскі—з чарэйскай лініяй Сапегаў (яго жонкай была пляменніца канцлера Л. Сапегі), Сіруці радніліся з Юндзіламі, а Скіндэры — з Шэметамі[42]. Напэўна, павятовая эліта ў немалой ступені магла дапамагчы сваім дзецям, братам ці сваякам у атрыманні пасадаў[43]. Ды і ўвогуле шляхецкая карпарацыя Лідскага павета ў другой палове XVI ст. не была нейкай замкнёнай групай. Роды тых жа Доўгірдаў, Завішаў, Лукомскіх, Трызнаў і Юндзілаў мелі ўладанні ў іншых паветах і ваяводствах ВКЛ. Былі выпадкі, калі шляхцічы займалі пасады ў розных паветах краіны. Так, лідскі староста Я. Абрамовіч быў таксама віленскім войскім, лідскі маршалак Я. Валчковіч быў віленскім канюшым і падканюшым, лідскі падстароста М. Юхновіч-Сонгін—віленскім гродскім суддзём, а падкаморы М. Аляхновіч — цівуном дырвянскім у Жамойцкім старостве.

Частка шляхцічаў магла заваяваць аўтарытэт і заслужыць палітычны аванс дзякуючы сваім заслугам перад дзяржавай і інтэлектуальным здольнасцям. У1586 г. Стэфан Баторый у намінацыйным прывілеі на ўрад лідскага земскага суддзі для Я. Трызны характарызаваў яго не толькі як чалавека, які добра праявіў сябе ў ваенных дзеяннях, але і „в праве посполитом умеетного”[44]. Безумоўна, і Я. Сіруць, прайшоўшы з 1566 да 1586 г. ад пасады пісара да ўраду суддзі ў лідскім земскім судзе, належаў да „людей добрыхъ, цнотливыхъ, ростропныхъ, в праве умеетныхъ”[45], г.зн. валодаў добрымі ведамі ў галіне права і меў аўтарытэт у шляхецкім асяродку Лідскага павета.

На нашу думку, прыкладам асобы, у кар’еры якога праявіліся ўсе гэтыя фактары — і пратэкцыянісцкія ўплывы, і знатнае паходжанне, і аўтарытэт сярод мясцовай шляхты, — быў лідскі земскі суддзя С. Траццяк. Сын земскага харужага Вялікага Княства, „пан” С. Траццяк карыстаўся падтрымкай віленскага ваяводы і лідскага старосты М. Радзівіла Рудога[46]. А пра яго ўплывовае становішча ў Лідскім павеце сведчыць тое, што паводле попісу войска ВКЛ 1567 г. сярод мясцовай шляхты ён меў як мінімум двух кліентаў: Я. Даўлюда і Мікалая Шмігірыча[47]. Магчыма, дзякуючы падтрымцы С. Траццяка, Я. Даўлюд у 1580-я г. займаў пасаду лідскага гродскага суддзі.

Пры характарыстыцы асабовага складу мясцовай эліты адзначым яшчэ некалькі момантаў. Па-першае, памежнае становішча Лідскага павета між зонамі рассялення балцкага і славянскага этнасаў прывяло да таго, што сярод лідскай шляхты сустракаюцца прадстаўнікі родаў як літоўскага (Аляхновічы, Доўгірды, Завішы, Юндзілы), так і беларускага (Лукомскія, Навіцкія, Нелюбовічы, Траццякі, Трызны) паходжання[48]. Па-другое, павятовыя ўрады ў Лідскім павеце займалі асобы розных хрысціянскіх канфесій: кальвіністы Р. Рожчыц і С. Тукала, праваслаўныя, хутчэй за ўсё, Р. Горла і І. Быхавец, каталік П. Абрамовіч. Такім чынам, можна сцвярджаць, што ў апошняй трэці XVI ст. этнічнае паходжанне і канфесійная прыналежнасць не ўплывалі на магчымасць шляхціча ўвайсці ў склад павятовай палітычнай эліты. На першым месцы стаяла прыналежнасць да адзінага „палітычнага народа” ВКЛ і магчымасць карыстацца адпаведнымі сацыяльна-палітычнымі правамі.

З асяродку павятовай палітычнай эліты ў разгляданы час можна вылучыць шэраг асобаў, якія актыўна прадстаўлялі Лідскі павет у грамадскім жыцці Вялікага Княства Літоўскага і ўсёй Рэчы Паспалітай: выбіраліся соймавымі пасламі і дэпутатамі Трыбунала, прызначаліся паборцамі і гаспадарскімі пасламі на соймікі.

Нашы звесткі пра лідскіх паслоў на соймы Рэчы Паспалітай, на жаль, даволі абмежаваныя. На Люблінскім сойме 1569 г. Лідскі павет прадстаўлялі Шчасны Губа і Садзібор Доўгірд. Іх подпісы і пячаткі сустракаем пад актам Люблінскай уніі[49]. Таксама акт уніі пацвердзіў і Я. Валчковіч, які, як гаспадарскі маршалак, уваходзіў у склад сената ВКЛ[50]. У працы элекцыйнага сойму 1575 г. браў удзел М. Аляхновіч, які фактычна, як і ўсе прадстаўнікі ВКЛ, пры выбарах новага караля і вялікага князя падтрымаў кандыдатуру эрцгерцага Эрнеста з дынастыі Габсбургаў[51]. На элекцыі ўлетку 1587 г. вядома прысутнасць лідскіх шляхцічаў Л. Сонгіна і Яна Хаецкага, таксама паслом Лідскага павета, напэўна, быў і Андрэй Завіша[52]. У розных з’ездах ВКЛ часоў першых двух бескаралеўяў у Рэчы Паспалітай (1572-1576) удзельнічалі Я. Абрамовіч, Я. Валчковіч, С. Траццяк, В. Нелюбовіч, Я. Даўлюд[53]. Магчыма, пасламі Лідскага павета на вальныя соймы Рэчы Паспалітай былі А. Завіша ў 1589 г. і Я. Абрамовіч ды Абрам Юндзіл у 1593 г.[54]. Дарэчы, віленскі войскі і лідскі староста Я. Абрамовіч удзельнічаў і ў працы вальнага сойму 1585 г., аднак невядома, прадстаўніком якога павета ён у той час быў[55]. У 1597 г. на сойме інтарэсы лідскай шляхты прадстаўлялі віленскі гродскі пісар Шчасны Багуматка і гаспадарскі дваранін Філіп Лімант[56]. Адным з земскіх паслоў ВКЛ на наступны сойм Рэчы Паспалітай, які праходзіў у Варшаве ў 1598 г., быў Я. Трызна. Не выключана, што абраны ён быў на сойміку Лідскага павета. Заўважым, што напярэдадні вальнага сойму, на Галоўным сойміку ВКЛ у Слоніме, Я. Трызна быў выбраны пасольскім маршалкай[57], а гэта яскрава сведчыць пра яго аўтарытэт сярод шляхты, і не толькі лідскай. На апошнім у XVI ст. вальным сойме Рэчы Паспалітай пасламі Лідскага павета былі падстолі лідскі П. Абрамовіч і мазырскі староста Юры Радзівіл[58].

Значна лепей нам вядома прадстаўніцтва Лідскага павета ў Трыбунале ВКЛ. За перыяд 1582-1600 г. як мінімум па адным разе лідская шляхта абірала дэпутатам у Трыбунал Л. Сонгіна (1585, магчыма), М. Аляхновіча (1586), А. Доўгірда (1586), М. Юхновіча-Сонгіна (1589), Каспера Доўгірда (1592), С. Тукалу (1593), Андрэя Монтаўта (1595), С. Вайшвілу (1596), Р. Рожчыца (1597), Яўхіма Лапату (1597), А. Юндзіла (1598)[59]. У 1599 г. на дэпутацкім сойміку ў Лідзе дэпутатам Трыбунала ВКЛ быў абраны сенатар Рэчы Паспалітай — мсціслаўскі ваявода Я. Завіша, былы лідскі падкаморы[60]. Па два разы ў апошняй трэці XVI ст. трыбунальскімі суддзямі абіраліся М. Скіндэр (1582 і 1588), Я. Лукомскі (1592 і 1598), Ф. Лімант (1593 і 1600)[61]. Былі выпадкі, калі шляхта іншых паветаў ВКЛ дэлегавала ў Трыбунал прадстаўнікоў палітычнай эліты Лідскага павета. Так, лідскі харужы П. Круневіч абіраўся дэпутатам у 1598 г. ад Мазырскага, А. Монтаўт — у 1608 г. ад Пінскага, а лідскі гродскі пісар Р. Рожчыц — у 1612 г. ад Віленскага павета[62]. Неаднаразова ў склад Трыбунала ўваходзіў лідскі староста Я. Абрамовіч: у 1583, 1586 (у гэты год быў абраны трыбунальскім маршалкам), 1594, 1598 і 1601 г.[63], але ці прадстаўляў ён хоць раз менавіта лідскую шляхту, нам дакладна не вядома. Сапраўдныя рэкардсмены сярод „трыбуналістаў” Лідскага павета — Я. Нелюбовіч і Я. Трызна. Абодва ў канцы XVI – пачатку XVII ст. па 7 разоў былі дэпутатамі Трыбунала ВКЛ: Я. Нелюбовіч — у 1582, 1583, 1585, 1589, 1595, 1601 і 1604 г., а Я. Трызна —у 1584,1590,1591,1594, 1596, 1600 і 1606 г.[64]. Відавочна, што папулярнасцю і аўтарытэтам яны карысталіся не толькі ў асяродку лідскай шляхты, але і сярод шляхты ўсяго ВКЛ. Пра гэта сведчыць тое, што абодва абіраліся маршалкамі Трыбунала. Калі Я. Нелюбовіч выконваў функцыі маршалка аднойчы, у 1589 г. (маршалак віленскай кадэнцыі), то Я. Трызна — цэлых чатыры (!) разы — у 1584, 1594 (двойчы — маршалак наваградскай кадэнцыі), 1596 і 1606 г.[65].

Функцыі паборцаў у Лідскім павеце ў апошняй трэці XVI ст. выконвалі Астафей Барэйка (пабор, прызначаны на сойме ВКЛ 1566/67), А. Гімбут (паборы 1567 і 1568), Ш. Губа (пабор 1569), С. Траццяк (паборы 1568 і 1577), А. Доўгірд (паборы 1578 і 1580), М. Юхновіч-Сонгін (пабор 1581), Есіф Халецкі (пабор 1589), В. Скіндэр (пабор 1590), Е. Абрамовіч (пабор 1593) і Мацей Браніцкі (пабор 1596)[66]. У пэўнай ступені даручэнне збору падаткаў можа сведчыць пра высокі давер да той ці іншай асобы з боку павятовай шляхецкай супольнасці. Гаспадарскім паслом на павятовы соймік у Лідзе перад вальным соймам 1572 г. быў прызначаны Я. Сіруць, а С. Траццяк выступаў гаспадарскім паслом на лідскім павятовым сойміку цэлых тры разы: перад соймамі Рэчы Паспалітай 1576 і 1578 г., а таксама перад Галоўным соймікам ВКЛ 1577 г.[67]. Лідскі павятовы маршалак Я. Валчковіч быў гаспадарскім паслом на Галоўным сойміку Вялікага Княства ў Ваўкавыску ў студзені 1582 г.[68] Удзел лідскай шляхты ў грамадска-палітычным жыцці быў даволі актыўны, пра што сведчаць захаваныя да нашых дзён матэрыялы працы соймікаў Лідскага павета. Так, на сойміку ў Лідзе 6 верасня 1587 г., што адбыўся пасля элекцыйнага сойму Рэчы Паспалітай, прысутнічала як мінімум 53 чалавекі[69]. Ліст да віленскага ваяводы Крыштафа Радзівіла з лідскага рэляцыйнага сойміка ад 21 красавіка 1597 г. сваімі пячаткамі зацвердзіла 19 шляхцічаў, а 20 траўня 1598 г. пад аналагічным лістом падпісалася 17 прадстаўнікоў шляхты Лідскага павета[70]. Для параўнання, як мінімум 60 шляхцічаў удзельнічала ў працы сойміка Наваградскага павета 12 траўня 1587 г. перад элекцыйным соймам 1587 г.[71]. У снежні 1594 г. ліст да К. Радзівіла з перадсоймавага сойміка Трокскага павета быў зацверджаны 12 пячаткамі, а да лістоў віленскаму ваяводзе з рэляцыйных соймікаў Віленскага і Упіцкага паветаў у траўні 1595 г. свае пячаткі прыклалі 10 і 9 шляхцічаў адпаведна[72]. Інструкцыю паслам Берасцейскага павета на вальны сойм 1597 г. падпісала 19 асобаў[73]. Дарэчы, у 60 чалавек на канец XVI ст. ацэньваў сярэднюю колькасць палітычных актывістаў для кожнага павятовага сойміка ВКЛ беларускі гісторык П. Лойка[74]. Аднак у параўнанні з агульнай колькасцю павятовай шляхты адсотак актыўных удзельнікаў грамадска-палітычнага жыцця быў зусім невялікі. У матэрыялах попісу войска ВКЛ 1567 г. сустракаюцца звесткі пра больш за 700 шляхцічаў, якія мелі свае ўладанні ў Лідскім павеце[75], у той час калі за ўсю апошнюю трэць XVI ст. уласна да лідскай павятовай эліты можна аднесці недзе 60-70 чалавек.

Лідская шляхта актыўна праяўляла сябе не толькі на лакальным узроўні, але і на дзяржаўным. Так, на Галоўны з’езд ВКЛ, скліканы на кастрычнік 1587 г. пасля элекцыйнага сойму Рэчы Паспалітай, Лідскі павет дэлегаваў адразу 19 (!) сваіх прадстаўнікоў[76]. З’езд у кастрычніку скончыўся безвынікова, і ў лістападзе 1587 г. адбыўся новы Галоўны з’езд, на якім прадстаўнікі „палітычнага народа” Вялікага Княства вызначаліся ў сваёй падтрымцы камусьці з двух кандыдатаў на ўладу ў Рэчы Паспалітай[77]. Па выніках галасавання шляхецкіх паслоў за эрцгерцага Максімільяна аддалі свае галасы 15 шляхцічаў Лідскага павета, за шведскага каралевіча (і будучага караля і вялікага князя) Жыгімонта Вазу — ніводнага[78]. Між іншым, Я. Абрамовіч і Я. Трызна былі на з’ездзе ўключаны ў склад пасольства для перамоваў з абодвума прэтэндэнтамі на ўладу. Аднак калі ў снежні 1587 г. палітычная эліта ВКЛ фактычна падтрымала кандыдатуру Жыгімонта Вазы, то ў склад дэлегацыі Вялікага Княства на каранацыйны сойм у Кракаў ні Я. Абрамовіч, ні Я. Трызна не ўвайшлі[79]. Што датычыць Я. Абрамовіча, то ён яшчэ на вальным сойме Рэчы Паспалітай 1585 г. праявіў сябе сапраўдным лідэрам земскіх паслоў ВКЛ[80].

Важнай функцыяй павятовай эліты было ператварэнне інтарэсаў і імкненняў рэгіянальнай шляхецкай супольнасці ў палітычныя рашэнні і дзеянні. Нават фрагментарныя звесткі аб працы соймікаў Лідскага павета ў разгляданы час адлюстроўваюць багаты спектр палітычных пазіцый лідскай шляхты ў сферы грамадскага, эканамічнага і рэлігійнага жыцця, у галіне знешняй палітыкі. Цікавілі яе, натуральна, і мясцовыя праблемы, і дзяржаўныя. На апошнім вальным сойме ВКЛ, які адбыўся ў 1568 г. у Гародні, лідскія паслы прадставілі Жыгімонту Аўгусту тры просьбы, якія тычыліся мясцовых павятовых справаў. Па-першае, шляхта прасіла, каб паседжанні земскага суда адбываліся „не по корчмамъ”, а ў гаспадарскім замку ў Лідзе або ў нейкім іншым спецыяльным месцы. Другая просьба датычыла вызначэння адзінага харужага для ўсяго Лідскага павета. І, нарэшце, лідскія паслы скардзіліся на парушэнне юрысдыкцыі Лідскага павета з боку „вряду Городенского”[81]. У 1587 г. лідская шляхта даручала сваім прадстаўнікам на Галоўным з’ездзе ВКЛ разгледзець пытанне аднаўлення пасля элекцыі дзейнасці ў павеце каптуровага суда[82]. Інструкцыя паслам на вальны сойм 1597 г. утрымлівала шырокае кола пытанняў, якія датычылі як уласна Вялікага Княства, так і ўсёй Рэчы Паспалітай: арганізацыі абароны ад Турцыі, утварэння Хрысціянскай лігі, адносінаў з Маскоўскай дзяржавай, далучэння Эстоніі, выплаты падаткаў, становішча скарбовай сістэмы, працэдуры працы сойму, рэформы Трыбунала ВКЛ, выплаты „ўпамінак” татарам, падаўлення казацкіх бунтаў і інш.[83].

Дакументы канца XVI ст. дазваляюць у пэўнай ступені акрэсліць сістэму каштоўнасцяў, якія былі найважнейшымі для эліты Лідскага павета і непасрэдным чынам уплывалі як на яе стаўленне да палітычнага ладу Рэчы Паспалітай, так і на грамадскую пазіцыю лідскай шляхты. Матэрыялы працы соймікаў Лідскага павета 1587, 1596, 1597 і 1598 г.[84] яскрава сведчаць, што найперш мясцовую шляхецкую супольнасць, як „вольны народ”, хвалявала захаванне і строгае выкананне яе правоў, вольнасцяў і свабодаў. Важную ролю ў свядомасці лідскай палітычнай эліты адыгрывала ўяўленне аб неабходнасці падтрымкі ў краіне міру, згоды і любові. Забеспячэнне справядлівасці і роўнасці ў межах шляхецкага стану таксама трэба залічыць у лік найважнейШЫХ каштоўнасцяў лідскай палітычнай эліты. У цэлым падобная сістэма каштоўнасцяў была характэрна для палітычнай свядомасці шляхты беларускіх зямель канца XVI – пачатку XVII ст.[85]. Адначасова ў свядомасці палітычна актыўных колаў шляхты Лідскага павета асэнсоўваліся і ўяўленні аб найбольш негатыўных з’явах тагачаснага грамадскага жыцця. Найважнейшымі праблемамі лідскі соймік бачыў унутраны грамадскі неспакой (niepokуj) і „разорванье” сярод шляхецтва Рэчы Паспалітай. Таксама надзвычай небяспечным было пашырэнне ў краіне нянавісці, беспарадкаў, сварак, звадак і гвалту. У першую чаргу, гэтыя адмоўныя з’явы паглыбляліся з-за парушэння ў дзяржаве мірнага сółснавання прадстаўнікоў розных хрысціянскіх канфесій[86]. Непасрэдным вынікам такіх працэсаў, на думку лідскай шляхты, маглі быць, ні больш ні менш, заняпад і пагібель Рэчы Паспалітай. Адпаведна была сфармулявана і свайго роду ідэальная матывацыя палітычнай дзейнасці для кожнага шляхціча: „доброго речи посполитое радети“[87]. А наступны сказ з пасольскай інструкцыі на вальны сойм 1597 г. можна разглядаць як уяўленне палітычнай эліты Лідскага павета аб галоўным абавязку караля і вялікага князя адносна яго падданых: „Да міру і згоды прывесці, і тыя беспарадкі супакоіць, пакрыўджаным справядлівасць учыніць і кожны стан у яго вольнасцях і правах Кароль Я[го] М[іласць], згодна са сваёй прысягай, захаваць і пакінуць мае, а адрозным у веры і ўсім ласку сваю Гаспадарскую аднолькавую паказваць”[88].

З пункту гледжання сістэмы каштоўнасцяў адбывалася і ацэнка шляхтай усіх палітычных інстытутаў і падзей у Рэчы Паспалітай. Можна сцвярджаць, што легітымацыя палітычнай сістэмы супольнай дзяржавы з боку лідскай павятовай эліты была безумоўнай. Аднак прынамсі ў 1590-я г. ацэнка інстытутаў вальнага сойму і нават каралеўскай улады была даволі негатыўнай. Рэляцыйны соймік Лідскага павета 21 красавіка 1597 г. адзначаў, што на мінулым сойме „нічога суцяшальнага нам і Айчызне нашай мілай, пажытэчнага, пастаноўлена быць не магло. Правы нашы і вольнасці парушаны і памешаны былі…”[89]. Амаль праз год, 20 траўня 1598 г., на наступным рэляцыйным сойміку, лідская шляхта заяўляла, што соймы адбываюцца „з абразай правоў і вольнасцяў нашых шляхецкіх”[90]. Зразумела, што такія настроі непасрэдна ўплывалі на палітычную пазіцыю лідскай павятовай эліты. Глыбокую незадаволенасць шляхецкай супольнасці Лідскага павета палітычнай сітуацыяй у Рэчы Паспалітай перадаў невядомы аўтар кароткага дыярыуша Галоўнага сойміка ВКЛ 1597 г. у Слоніме, які так занатаваў частку выступлення лідскага соймавага пасла Ф. Ліманта: „O niewoli Litewskiej niepotrzebnie siła mówił”[91].

У канцы XVI ст. актыўная частка шляхты Лідскага павета вельмі часта займала апазіцыйнае становішча ў дачыненні да палітыкі Жыгімонта Вазы. Напрыклад, на 23 лютага 1592 г. Жыгімонт Ваза склікаў Галоўны з’езд ВКЛ, які павінен быў ухваліць падаткі на забеспячэнне ўласных фінансавых патрэбаў караля і вялікага князя, у т.л. і звязаных з яго будучым вяселлем[92]. На павятовым сойміку ў Лідзе, які адбываўся ў пачатку лютага 1592 г. (магчыма, супаў з дэпутацкім соймікам), шляхта даволі эмацыйна выступіла супраць гэтай ініцыятывы. Як паведамляў Л. Сапега трокскаму ваяводу Мікалаю Крыштафу Радзівілу, „w Lidzie dudy nadęte były“[93]. Лідская шляхта, як і частка іншай шляхты ВКЛ, заяўляла, што з’езд скліканы супраць права[94], не хацела ўхваляць ніякіх падаткаў і ўвогуле высылаць паслоў на з’езд і патрабавала склікання сойму. Толькі пад уплывам прысутнага на сойміку лідскага старосты Я. Абрамовіча мясцовае шляхецтва ледзьве згадзілася абраць паслоў на Галоўны з’езд, але ім было забаронена згаджацца на якія-небудзь падатковыя ўхвалы[95].

Доўгі час лідская шляхта адмаўлялася выплачваць пабор, ухвалены Галоўным з’ездам ВКЛ 1593 г. на паездку Жыгімонта Вазы ў Швецыю. Справа ў тым, што пабор зацвярджаўся з пэўнымі варункамі для караля і вялікага князя, а менавіта з умовай, што віленскім біскупам будзе прызначаны толькі ліцвін[96]. Аднак Жыгімонт Ваза настойваў на намінацыі віленскім біскупам паляка Бернарда Мацяёўскага, што толькі паглыбляла яго канфлікт з палітычнай элітай Вялікага Княства. У сваю чаргу, лідская шляхта паслядоўна прытрымлівалася пастановы Галоўнага з’езда. Калі ў 1596 г., пасля вальнага сойму, частка шляхты ВКЛ ужо схілялася да таго, каб выдаць Жыгімонту Вазу пабор 1593 г., то, паводле паведамлення Я. Абрамовіча К. Радзівілу, „у Ашмянах і Лідзе нават і не думаюць аб гэтым”[97]. Перад вальным соймам Рэчы Паспалітай 1597г. лідскі соймік заявіў: „…пабор [1593 г.], які не на сойме, але з добрай волі быў Я [го] К[аралеўскай] М[іласці] з пэўнымі кандыцыямі абяцаны, што не выканана, і зараз яго даваць не дазваляем”[98]. У 1597 г. шляхта Лідскага павета ўсё ж часткова выплаціла спрэчны пабор. Тым не менш, лідскі паборца Е. Абрамовіч увосень 1597 г. быў выкліканы ў гаспадарскі суд у справе аб нявыплаце ў скарб усіх падатковых грошай. Аднак на разбіральніцтва ў Варшаву ні Я. Абрамовіч, ні яго прадстаўнік нават не з’явіліся[99]. Дарэчы, у канфлікце вакол віленскага біскупства лідская шляхта таксама прынцыпова супрацьстаяла Жыгімонту Вазу. Перадсоймавы соймік Лідскага павета ў снежні 1596 г. зазначаў у інструкцыі сваім паслам: „Віленскае біскупства, паводле права, нікому іншаму, толькі ліцвіну, каб было нададзена”[100]. Аб пэўным недаверы да каралеўскай улады з боку лідскай шляхты можа сведчыць і яе зварот перад соймам 1597 г. да Генрыкавых артыкулаў 1573 г. у справе ўвядзення ў Рэчы Паспалітай інстытута сенатараў-рэзідэнтаў. Так, у інструкцыі паслам даручалася дабівацца, каб „сенатары alternatim пры Каралі паводле канстытуцыі” знаходзіліся[101]. Гэтыя факты вымагаюць больш глыбокага аналізу гіпотэзы аб тым, што ВКЛ у канцы XVI – пачатку XVII ст. было адным з тых рэгіёнаў Рэчы Паспалітай, дзе каралеўская ўлада мела найбольшы аўтарытэт сярод шляхецтва[102]. Напэўна, ступень даверу да палітыкі караля ў розных рэгіёнах Вялікага Княства была неаднолькавай.

Затое можна смела сцвярджаць, што велізарным аўтарытэтам і ўплывам сярод лідскай шляхты ў канцы XVI ст. карыстаўся адзін з буйнейшых магнатаў Рэчы Паспалітай віленскі ваявода К. Радзівіл, сын былога віленскага ваяводы, канцлера і лідскага старосты М. Радзівіла Рудога. Эліта Лідскага павета, расчараваная палітычнымі працэсамі ў краіне і вынікамі працы вальных соймаў, скардзячыся на „няласку Караля Памазанца Божага”, „нежаданне іншых Паноў Сенатараў” і, напэўна, не вельмі верачы ва ўласныя сілы, бачыла адзіным абаронцам сваіх правоў і вольнасцяў менавіта К. Радзівіла[103]. Лідская шляхта на рэляцыйных сойміках 1597 і 1598 г. называла віленскага ваяводу „апекуном” і „айцом Айчыны”, а сябе — не інакш як яго вернымі слугамі[104]. Шляхта таксама звярталася да К. Радзівіла, каб той „аб Айчыне клапаціцца не пераставаў, а мы пры В[ашай] К[няжацкай] М[іласці] …. здароўе і маёмасці нашы ахвяруем, цвёрда стоячы пры В[ашай] М[іласці], нашым м[іласцівым] пане”[105]. Пра шырокае распаўсюджванне пратэкцыянісцкіх уплываў сярод лідскага шляхецтва ўжо згадвалася вышэй. Відавочна, што магнатэрыя і ў апошняй трэці XVI ст. працягвала дамінаваць у сацыяльна-палітычным жыцці ВКЛ[106].

Не была самастойнай лідская павятовая эліта, прынамсі амаль адразу пасля заключэння Люблінскай уніі 1569 г., у такой важнай функцыі, як вызначэнне свайго прадстаўніцтва на вальным сойме Рэчы Паспалітай. Так, перад соймам 1572 г. кандыдатуры паслоў ад Лідскага павета, як і яшчэ 9 паветаў ВКЛ, вызначалі не столькі мясцовая шляхта, колькі А. Валовіч і М. Радзівіл Руды: „П[ан] Траццяк, суддзя, калі В[аша] М[іласць] (М. Радзівіл. — У. П.) захочаш яго ўжываць. А мог бы разам з ім і….. п[ан] Юндзіл, або як В[аша] М[іласць] пажадаеш, бо я (А. Валовіч. — У .П.) з імі размаўляў, не адмаўляюцца”[107]. Уплывы біржанскай лініі Радзівілаў на вызначэнне лідскай соймавай рэпрэзентацыі выразныя і ў пазнейшыя часы. Паслом на сойм 1597 г. быў абраны кліент К. Радзівіла Ш. Багуматка, а на сойм 1600 г. — пляменнік віленскага ваяводы Ю. Радзівіл[108]. Можна меркаваць, што патроны тым ці іншым чынам спрыялі ў выбары залежных ад сябе шляхцічаў і ў дэпутаты Трыбунала ВКЛ[109].

Разам з тым нельга сцвярджаць, што лідская шляхта была толькі пасіўным выканаўцам волі найбуйнейшых магнатаў ВКЛ. Верагодна, менавіта ў Лідскім павеце, побач з Наваградскім, Берасцейскім і Пінскім, у час бескаралеўя пасля смерці Жыгімонта Аўгуста была прынята адна з першых у Вялікім Княстве каптуровых ухвал[110]. Пасольская інструкцыя Лідскага павета на сойм 1597 г. утрымлівае шэраг важных пастулатаў, якія сведчылі пра даволі высокі ўзровень палітычнай свядомасці мясцовай шляхты і не заўсёды адпавядалі інтарэсам магнатэрыі ВКЛ. Напрыклад, для лепшай арганізацыі абароны краіны соймік у Лідзе прапанаваў увесці выплату кварты (¼ даходаў) з гаспадарскіх уладанняў, дзяржаўцамі якіх, як правіла, былі прадстаўнікі магнацкіх родаў. Таксама прапаноўвалася праводзіць у паветах збор шляхецкага апалчэння (okazowanie), якім былі б ахоплены і дзяржаўцы даменіяльных маёнткаў, і сенатары[111].

Яшчэ шэраг пастулатаў паслам Лідскага павета на сойм 1597 г. адлюстроўвае прагматычную пазіцыю і добрыя веды мясцовай эліты наконт актуальных пытанняў грамадска-палітычнага жыцця сваёй краіны. Лідская шляхта замест уступлення Рэчы Паспалітай у склад антытурэцкай Хрысціянскай лігі прапаноўвала заключыць мір з самой Турцыяй, а таксама—вечны мір з Маскоўскай дзяржавай[112]. У справе абароны дзяржавы ад магчымай вайны з Турцыяй відавочнае імкненне шляхты перакласці яе цяжар з сябе перш за ўсё на каралеўскую ўладу. За сродкі караля і вялікага князя меркавалася пабудаваць некалькі замкаў і набыць гарматы, снарады і порах, на абарону магла быць выкарыстана маёмасць памерлай каралевы Ганны, якая, на думку складальнікаў інструкцыі, павінна была перайсці ў скарб Рэчы Паспалітай. Толькі на абарончыя патрэбы павінны былі ісці і сродкі з ухваленых раней пабораў, а вось на новыя падаткі, асабліва на пагалоўны, згаджацца паслам катэгарычна забаранялася[113]. Не збіралася лідская шляхта ўдзельнічаць у выплаце „ўпамінак” татарам, якія пастаянна пагражалі ўкраінскім землям, бо „Валынь, Падляшша, Кіеў, Падолле з нашай Літоўскай еднасці (spółku) узяты”[114]. Клапаціліся ў Лідзе і пра ўнутраныя справы ВКЛ. Паслам даручалася на сойме 1597 г. дамагацца ўтварэння камісіі з сенатараў і паслоў, якая б у Вільні выслухала справаздачу земскага падскарбія аб стане скарбу Вялікага Княства, пераносу паседжанняў Трыбунала толькі ў адну Вільню, прыняцця канстытуцыі, каб па прыкладзе Польшчы ў кожным павеце ВКЛ былі заснаваны свае павятовыя скарбы[115].

Напрыканцы звернем увагу яшчэ на адну акалічнасць, а менавіта на працэс апалячвання лідскай шляхты. Можна сцвярджаць, што ў апошняй трэці XVI ст. гэты працэс праходзіў даволі хутка і ахапіў шырокія колы мясцовага шляхецтва. Так, калі ўхвала Лідскага павета 1587 г. была напісана на старабеларускай мове, то ўжо ўсе вядомыя нам матэрыялы лідскага сойміка 1596-1598 г. створаны на польскай мове. Лідскі маршалак Я. Нелюбовіч падпісваў акты Трыбунала ВКЛ у 1589 г. па-старабеларуску, а вось пад лістамі з рэляцыйных соймікаў Лідскага павета 1597 і 1598 г. падпісваўся ўжо толькі па-польску[116]. Красамоўны факт: з 17 чалавек, што паставілі свае подпісы пад лістом да К. Радзівіла з рэляцыйнага сойміка 1598 г., толькі адзін — П. Навіцкі — падпісаўся па-старабеларуску[117].

Такім чынам, палітычная эліта Лідскага павета ў апошняй трэці XVI ст. складалася збольшага з мясцовай дробнай і, у значна меншай ступені, сярэдняй шляхты. Сярод павятовай эліты шырока былі прадстаўлены знатныя роды ВКЛ (Аляхновічы, Валчковічы, Доўгірды, Завішы, Лукомскія, Радзівілы, Скіндэры, Траццякі, Трызны, Юндзілы). Частка лідскай эліты ўдзельнічала ў палітычным жыцці перадусім на дзяржаўным узроўні (Я. Трызна, М. Аляхновіч, Ф. Лімант, з пэўнымі агаворкамі Я. Абрамовіч), другая частка канцэнтравала сваю дзейнасць на лакальным узроўні (Я. Сіруць, С. Траццяк), а трэцяя — спалучала абодва гэтыя ўзроўні (Я. Нелюбовіч, А. Доўгірд, Я. Лукомскі, Е. Абрамовіч, М. Юхновіч-Сонгін, П. Круневіч). У 1590-я г. на авансцэну выйшла новае пакаленне, якое прадстаўляла Лідскі павет у грамадскім жыцці краіны пачатку XVII ст.: С. Тукала, В. Скіндэр, Р. Рожчыц, А. Пакаршынскі.

Шляхі ўваходжання ў склад рэгіянальнай эліты вызначаліся паходжаннем, сваяцкімі сувязямі, асабістымі здольнасцямі, ваеннымі заслугамі і ў значнай ступені пратэкцыянісцкімі ўплывамі. Лідская шляхта знаходзілася пад вялікім уплывам магнатэрыі Вялікага Княства, перадусім, біржанскіх Радзівілаў. Гэта было абумоўлена як велізарнай перавагай магнатаў над шляхтай у сацыяльна-эканамічным плане, так і пэўным расчараваннем мясцовага шляхецтва ў каралеўскай палітыцы і інстытуце вальнага сойму. Тым не менш палітычная культура і свядомасць лідскай павятовай эліты знаходзілася ў дынаміцы і пастаянна расла. На гэты працэс уплывалі рэформы ў ВКЛ сярэдзіны 1560-х г., утварэнне Рэчы Паспалітай і супольных парламенцкіх структур, што давала магчымасць непасрэдна пазнаёміцца з вопытам палітычнай барацьбы польскай шляхты, а таксама палітычны досвед перыядаў бескаралеўяў. А вось этнічнае паходжанне або канфесійная прыналежнасць не ўплывалі на магчымасць шляхціча ўвайсці ў склад павятовай палітычнай эліты.

Безумоўна, палітычная эліта Лідскага павета, яе асабовы склад, палітычна-прававая культура і свядомасць патрабуюць свайго далейшага даследавання. У першую чаргу, гэта можа быць аналіз колькасных і якасных зменаў у эліце пад час яе эвалюцыі ў часе, унутраных сувязяў і ўзаемадзеяння з іншымі павятовымі элітамі, параўнанне з аналагічнымі групамі як у Вялікім Княстве Літоўскім, так і ўсёй Рэчы Паспалітай, вывучэнне грамадскай думкі і палітычнай практыкі лідскай шляхты.